СКАНДЫНА́ЎСКІЯ МО́ВЫ,
паўночная (нардычная) падгрупа германскіх моў. Да С.м. належаць: дацкая мова, шведская мова, нарвежская мова, ісландская мова і фарэрская. Пашыраны на тэр. Даніі (у т. л. Фарэрскіх а-вах), Швецыі, Нарвегіі, Ісландыі, зах. часткі Фінляндыі.
Перыяд праскандынаўскага (агульнаскандынаўскага, пранардычнага) адзінства (пасля адасаблення ад готаў) — 1—7 ст. н.э. вядомы па рунічных надпісах 3 ст. (гл. Рунічнае пісьмо). У выніку экспансіі скандынаваў на З, Пд і Ў пераважна ў 9—10 ст. адбылася паступовая дыялектная дыферэнцыяцыя, вынікам якой стала ўзнікненне моў усх.-скандынаўскіх (шведская і дацкая) і зах.-скандынаўскіх (нарвежская, ісландская, фарэрская). С.м. дастаткова дыферэнцыраваныя ў фаналагічных і марфал. адносінах, значна меней у сінтаксічных. У лексіцы найб. адрозненні назіраюцца паміж астраўнымі і кантынентальнымі мовамі.
Літ.:
Вессен Э. Скандинавские языки: Пер. со швед. М., 1949;
Стеблин-Каменский М.И. История скандинавских языков. М.; Л., 1953;
Скандинавские языки: Актуальные пробл. грамматич. теории. М., 1984.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)